Што такое «Торба Шоу»?
«Торба Шоу» – гэта адукацыйна-рукатворчы праект, у рамках якога мы ўвасабляем дзве справы: па-першае, робім майстар-класы, на якіх можна навучыцца шыць (эка-торбы) і жыць (у эка-стылі); па-другое, прымаем непатрэбную тканіну ў насельніцтва, ператвараем яе ў экаторбы і прадаем іх.


Навошта патрэбна «Торба Шоу»?

Мы маем мэтай распавесці пра непапраўляльную шкоду ад пластыкавых пакетаў, прапанаваць слушнае рашэнне гэтай праблемы і ў выніку – максімальна скараціць ужыванне аднаразовага пластыку, зрабіўшы эка-торбы стылёвым і модным аксэсуарам.
Майстар-класы
На майстар-класах мы абмяркоўваем, чаму браць бясплатныя пакеты ў 2017 – амаль злачынства, і вучымся шыць стылёвыя эка-торбы, здольныя замяніць пластыкавую тару на наступныя некалькі год. Мы прапануем усе матэрыялы, неабходныя для стварэння торбы, але гэта не галоўнае! Адмыслова для «Торба Шоу» мы распрацавалі тэхналогію, паводле якой пашыць эка-сумку магчыма без швейнай машынкі ўсяго за дзве гадзіны. Таму з нашага варкшопа сыходзяць не толькі з новенькімі стылёвымі аксэсуарамі, але і з унікальнымі ведамі, якія дазволяць шыць такія ж торбы направа і налева, дарыць іх сябрам і знаёмым і такім чынам – значна памяншаць выкарыстанне пластыкавых пакетаў.

Вось тут можна паглядзець, як праходзяць нашы майстар-класы: «Торба Шоу» на youtube
Продаж экаторб
Мы цвёрда верым у прынцып «нуль адыходаў»: навошта набываць новую тканіну (і так стымуляваць шкодную вытворчасць), калі можна даць жыццё тым матэрыялам, якія ўжо шмат год ляжаць на антрэсолях! Менавіта таму мы ладзім прыём непатрэбнай тканіны: людзі прыносяць нам адрэзы матэрыялаў, старыя фіранкі ці абрусы, а мы ператвараем іх ў эка-торбы, якія пасля прадаем.
«Торба Шоу» ў СМІ
Рэпартаж з чэрвеньскага майстар-класа
ад Надзеі Мархель
Рэпартаж з вераснёвага
майстар-класа
ад Насты Захарэвіч
Рубрыка «Гардэроб» з торба-камандай ад Сашы Савініч ды Паўла Хадзінскага
Social Weekend
Мы ўдзельнічаем у адборы на Social Weekend 10.
Нумар нашага праекта – 2085
Ніжэй распавядаем, навошта гэта робім
і чаму за нас варта галасаваць.
Праблема і яе актуальнасць
Згодна са статыстыкай, мінчане ходзяць у супермаркет па прадукты ў сярэднім 2 разы на тыдзень. А згодна з нашым асабістымі апытанкамі – ледзь не кожны дзень. І нават калі трэба набыць усяго толькі літр малака або два яблыкі, часцей за ўсё пакупнікі сыходзяць не толькі з ежай, але і з пластыкавым пакетам.

Пакеты бясплатна трапляюць да нас у супермаркетах, служаць прыкладна паўгадзіны, а потым адпраўляюцца на звалку, дзе ляжаць ад 200 да 1000 гадоў і атручваюць глебу ды грунтовыя воды.

Больш за тое: пакеты трапляюць у рэкі, скверы, лясы; у іх блытаюцца і загінаюць рыбы, птушкі і жывёлы (у тым ліку і хатнія: напрыклад, сабакі).

У нашай краіне прамысловая утылізацыя пластыкавых пакетаў не наладжана. Спальваць самастойна іх таксама нельга: у паветра трапляюць шкодныя рэчывы, якія спрыяюць развіццю захворванняў.

На вытворчасць гэтай аднаразовай тары ідзе неўзнаўляльны рэсурс – нафта.
Наша рашэнне і вынік ад яго рэалізацыі
Наша рашэнне – максімальна распаўсюдзіць культуру карыстання экасумкамі. Гэта адзіная адэкватная, зручная і прызнаная эколагамі альтэрнатыва: адна сумка здольная праслужыць мінімум два гады, а значыць, патэнцыйна не спатрэбіцца набываць каля 400 пакетаў.

1. Выраб і продаж экаторб

Мы збіраем непатрэбную тканіну ў насельніцтва (наўмысна не набываем матэрыялы, каб не стымуляваць вытворчасць новых), сартыруем яе, мыем, прасуем і шыем сумкі на швейнай машынцы (да гэтага этапу плануем далучыць прадстаўнікоў/ц уразлівых сацыяльных груп, такім чынам забяспечыць іх працай і заробкам). Сумкі прадаем праз сацыяльныя сеткі, на маркетах, у галерэях.
Мэта гэтага кроку – ствараць экаторбы, не набываючы новую тканіну і даючы беспрацоўным людзям з гэтых груп шанец адчуць сябе патрэбнымі і зарабіць грошай.

2. Супрацоўніцтва з гандлёвымі сеткамі

Мы плануем набываць танныя, але якасныя сумкі, рабіць іх брэндынг і прадаваць у адной з сетак гіпермаркетаў. Каб зрабіць торбы максімальна дасяжнымі па кошце, мы прапануем кіраўніцтву сеткі часткова фінансаваць гэтыя сумкі і ўключыць дадзены крок у сваю праграму КСА (карпаратыўная сацыяльная адказнасць).
З дапамогай продажу танных экаторб у прадуктовых крамах плануем са студзеня па снежань 2018 г. скараціць спажыванне пластыкавых пакетаў у адной з сетак гіпермаркетаў на 20%.

3. Адкрытыя майстар-класы «Торба Шоу»

На майстар-класах мы прапануем не толькі ўсе неабходныя матэрыялы, але і спецыяльна распрацаваную тэхналогію, паводле якой пашыць сумку магчыма без швейнай машынкі ўсяго за дзве гадзіны. Такім чынам, пасля майстар-класа ўдзельніцы сыходзяць не толькі з экаторбай для сябе, але і з новым навыкам, які дазволіць пашыць такія ж для сям'і ды сяброў – і так прапанаваць альтэрнатыву пластыкавым пакетам.
Наша мэта – са студзеня па снежань 2018 г. навучыць 450 людзей шыць экаторбы і распаўсюдзіць сярод іх ідэі асэнсаванага спажывання і нелюбові да аднаразовага пластыку. Для гэтага правесці 25 майстар-класаў ў Мінску і іншых гарадах

4. Карпаратыўныя майстар-класы «Торба Шоу»

Шыць у кампаніі – новы спосаб баўлення часу, медытацыя і асалода! Адкуль такая ўпэўненасць? Гэта тое, што пішуць у сваіх водгуках ледзь не ўсе ўдзельніцы нашых майстар-класаў. Мы прапануем правесці дзявочнік, дзень нараджэння або проста выходны з калегамі ці сябрамі за няспешным шыццём.
Што ўжо зроблена?
Праект «Торба Шоу» існуе са снежня 2016 года.
За гэты час (10 месяцаў) мы:


      Чаго нам не хапае?
      На дадзены момант «Торба Шоу» – валанцёрскі некамерцыйны праект (грошы з продажу сумак ідуць на правядзенне бясплатных майстар-класаў). Мы намераны рухацца да сацыяльнага прадпрымальніцтва і шукаць шляхі самазабеспячэння. Мы ўпэўнены, што прыдуманая намі бізнэс-мадэль дазволіць гэта зрабіць.

      Але адзін з запланаваных этапаў не можа абысціся без першапачатковай фінансавай падтрымкі. Так, у рамках Social Weekend 10 мы вырашылі шукаць сродкі на супрацоўніцтва з адной з сетак гіпермаркетаў. Для гэтага гам неабходна прыкладна 2900 рублёў:

      1. набыць першую партыю экасумак (300 шт.) для прасоўвання ў крамы: 750 р.
      2. зрабіць брэндзіраванне сумак (распрацоўка і друк тканевых этыкетак): 100 р.
      3. распрацаваць і вырабіць стэнды «Торба Шоу» (2 шт.) для гіпермаркетаў: 1000 р.
      4. зладзіць інфармацыйную кампанію (натыўныя артыкулы, прасоўванне ў сацсетках): 900 + 150 = 1050 р.
        Як за нас прагаласаваць?
        Мы верым, што ўдзел у Social Weekend 10 дапаможа нам сабраць экспертныя меркаванні, атрымаць кампетэнтную дапамогу па прававых, бухгалтарскіх і арганізацыйных пытаннях, а калі пашэнціць – то і фінансавую падтрымку. Дзякуючы ўсяму гэтаму, мы зможам яшчэ хутчэй увасобіць у жыццё свае ідэі па ратаванні наваколля ад аднаразовага пластыку.

        Каб дапамагчы нашаму праекту прайсці адбор, трэба:

        даслаць SMS з тэкстам "2085" на кароткі нумар 7755.

        Кошт кожнага SMS для абанентаў: velcom = 1,00 бел.руб., МТС = 1,04 бел.руб., life:) = 1,14 бел.руб.

        Вы можаце галасаваць за любую колькасць праектаў, але толькі па адным разе.
        Лістуйце:

        torbashow@gmail.com


        Тэлефануйце:

        +375 44 785-40-86 (Саша)
        +375 29 386-86-65 (Каця)
        All photo and video materials belong to their owners and are used for demonstration purposes only. Please do not use them in commercial projects.
        Made on
        Tilda